ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,

форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.

Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз. прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.

Д.М.Кукуй.

Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)